Замкавая гара (З Віленскіх абразоў)
Над Віллёй-ракой, Па гары крутой Туман сцелецца; Ні то лом-ламок, Ні то дом-дамок Там віднеецца. Слаўны Гедымін, Князь Літвы — літвін, Душа чынная, Многа лет таму У гэтым жыў даму, Жыў з дружынаю. Горда мур глядзеў На зямлю, як леў, Сцяной крэпкаю; Не адной бітвы Тут сыны Літвы Былі сведкаю. Сышоў век, другі, I князі, багі, Ўсё літоўскія, Уцяклі з зямлі, I дзянькі пайшлі Не такоўскія. Як катух для кур, Дрэмле пусткай мур, Цэгла валіцца; Нават гнёзды віць Птушка не ляціць,— Знаць, пужаецца. Адно йдуць сюды З гарадской нуды Адказеліцца Бедната і «знаць» — Віды аглядаць, Што ў ног сцелюцца. Ды як згасне дзень, Ночкі ляжа цень Над дамочкамі, Людскіх шэптаў тут Повен кожны кут Над кусточкамі. А сівою мглой Па гары крутой Туман сцелецца; Ні то лом-ламок, Ні то дом-дамок Там віднеецца. Янка Купала
- Войдите на сайт для отправки комментариев