Я над аджылым не дрыжу...
Я над аджылым не дрыжу —
Чаго за мёртвае чапляцца?
А даўніною даражу,
Не сыплю, як пясок, скрозь пальцы.
Не шкода песень і хвалы,
Хаця зямля на іх скупая,
Для Полацка, што купалы
У сонцы ранішнім купае.
I над будзённасцю муры,
Што мы наставілі паспешна,
Маўчаць нясвіжскія муры
I ў неба мкне Белая Вежа...
Стаю каля сівой красы,
Хаджу па гулкіх сутарэннях —
I чую продкаў галасы,
I бачу нашых дзён карэнні.
I ў тым, што немач не скарыла
Наш край, няма ніякіх дзіў,
Бо тут калісьці жыў Скарына
I Каліноўскі ў бой хадзіў...
Генадзь Бураўкін
- Войдите на сайт для отправки комментариев