Сапяжанкi
Знаў напады,
Знаў набегi,
Чуў асады грук i гром
Замак гетмана Сапегi,
Змрочны замак над Дняпром.
I гарматы з грознай пыхай
Углядалiся ў прастор,
Пазiраючы на Быхаў,
На Дняпро й зарэчны бор.
Ды запомнiўся народу
Гэты гетман тым здавён,
Што, вярнуўшыся з паходу,
Бавiў час у садзе ён.
Без шабелькi i пiстолi
Завiхаўся ратны муж
На садоўнiцкiм прыволлi,
Каля яблынек ды груш.
Дзе батальныя прыгоды,
Клiкi ў гонар перамог?
Пазабылiся паходы,
Грозны замак друзам лёг.
Спрахлi слугi i служанкi,
I штандар Сапегаў спрах,
Толькi грушы-сапяжанкi
Сёння спеюць у садах.
Летнi вецер лёгка вее,
Навявае забыццё,
Ды панадна ружавее
Сапяжанка скрозь лiсцё.
Аляксей Зарыцкі
- Войдите на сайт для отправки комментариев