Пасля наведання Баянскага сабора

Табе ў вяках наканавана
Узвысіць слаўную зямлю.
Люблю багоў тваіх, Баяна!
I грэшнікаў тваіх люблю!
З бародамі і без барод,
Жанатыя і халастыя,
На гулкіх вуліцах Сафіі
Яны жывуць каторы год!
Нібы вясноваму світанню,
Гасцям далёкім кожны рад.
I я ў адказ на запытанне
Кажу балгарам «хубав град!»,
Букетам з руж і васількоў
Яснеюць словы блізкіх моў.
Сафія летняя ў гуморы:
Увіты лозамі парог.
I галава яе сабора —
Над лабірынтамі дарог.
Багі не хочуць знаць тугі,
Багі завуць па пірагі.
I сёння у начной Сафіі
Яны з гасцямі заадно
Запаляць свечкі несвятыя
I вып'юць даўняе віно.

Яўгенія Янішчыц