Дзе растуць журавіны, у дзікім лясным гушчары...

Дзе растуць журавіны, у дзікім лясным гушчары,
дзе вавёркі-гарэзы штодзённа збіраюць арэшкі
і вясёлыя песні спявае крумкач на зары, —
старажытнага замка пабачыць вы можаце рэшткі.

Захаваўся ён цудам з далёкіх часоў старадаўніх,
нават людзі старыя аб ім ужо ўсё забываюць.
Там жывуць толькі птушкі лясныя і страшныя здані,
толькі прывіды ўночы па замкавых рэштках гуляюць.

«Так мінаецца слава». Калісьці багаты і слаўны,
ён вядомасць вялікую меў і пагрозу сабой уяўляў.
Не адзін тады лад памяняўся ў краіне дзяржаўны,
але замак трывала, спакойна і грозна стаяў.

I цяпер ён стаіць, нібы волат, пакінуты ўсімі,
і, абняўшыся з лесам, ён спіць зачарованым сном.
Пасярэдзіне возера вокам паблісквае сінім,
дзе прытулак няшчасным давала гасціннае дно.

Час даўно той мінуўся, ад нас адышоў ён далёка,
сцёрся ў памяці, быццам яго не было.
А паданні аб замку ўзляцелі кудысьці высока,
дзе ніводнае птушкі яшчэ не ўзмахнула крыло.

Вольга Драздова